У НЕАПАЛЬ — З ПЕСНЯМІ
Супляменніца з Італіі Таццяна Пумпулева лічыць: найлепшы адпачынак бывае толькі ў родным краі. Але і тут яна не забывае пра справы: паспявае правесці яшчэ і важныя перамовы.
Таццяна Пумпулева паляцела ў Італію з падарункамі
Фота: Кацярына Мядзведская
Не сакрэт: у кожнай з беларускіх суполак замежжа — свае арыенціры, сферы прыкладання сіл. Кіраўніца Асацыяцыі “Bellarus” у Неапалі Таццяна Пумпулева, ведаю, шмат увагі надае праектам, у якіх задзейнічаны і юныя беларусы. Пад час нашай сустрэчы з ёй у Мінску, у апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Таццяна казала: “Мая 12-гадовая дачка Іванна, якая нарадзілася ў Італіі, добра ведае рускую мову, разумее і беларускую. Яе можна пабачыць, як актыўную ўдзельніцу, на ўсіх імпрэзах, што ладзіць асацыяцыя: гэта святы, прысвечаныя класікам літаратуры, а таксама народныя святы, памятныя даты з нашай гісторыі... Нават пашпарт у яе беларускі!”
З сяброўкамі-беларускамі Таццяна часта наведвае неапальскія школы. Праводзяць пазакласныя ўрокі па беларускай культуры: “Апранаем свае нацыянальныя строі, расказваем школьнікам пра значэнні ўзораў вышыўкі, вучым завязваць вузялкі на паясах. Дарэчы, сярод тых вучняў ёсць як італьянцы, так і напалову рускія, украінцы, беларусы, палякі... Нядаўна праводзілі майстар-клас па пляценні Купальскіх вяночкаў. Напрыканцы заняткаў заўсёды паказваем фільмы пра Беларусь і дзелімся ўражаннямі ад паездак у родную краіну”. Іванна ўжо ведае, пра што будзе расказваць на чарговым уроку: пра смачныя беларускія чарніцы і суніцы, як хадзіла басанож па рачным пясочку на беразе Сожа... Яе таксама ўразіла, што святлафоры ў Гомелі, Мінску працуюць вельмі зладжана, што аўтобусы і тралейбусы пры-язджаюць на прыпынкі дакладна па раскладзе, а не раз у гадзіну-дзве, як у Неапалі...
У Беларусі Таццяна з дачкою бывае штогод: звычайна летам, едуць на адпачынак. Наведваюць у Гомелі бабулю з дзядулем, гасцююць у сем’ях дзядзькоў (братоў Таццяны), абавязкова заязджаюць у вёску Журавічы — гэта Рагачоўскі раён Гомельшчыны. Там і нарадзілася Таццяна, вучылася ў пачатковых класах. Пасля і сама стала настаўніцай, вучыла гомельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак пісаць і чытаць.
Пад час гутаркі з супляменніцай з Італіі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка зацікавіўся досведам выкладання мовы беларускай — двухмоўным дзецям. Паабяцаў дапамагчы наладзіць сустрэчу ў Міністэрстве адукацыі ў верасні: Таццяна Пумпулева зноў прыедзе на Радзіму, каб паўдзельнічаць у другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.
Леанід Гуляка і госця з Неапаля абмяркоўвалі праект “Беларусь шматнацыянальная”, які рэалізуе апарат Упаўнаважанага. Дамовіліся, што ўжо сёлета ў кастрычніку артысты розных нацыянальнасцяў, кіраўнікі этнасуполак нашай краіны паедуць у Неапаль. Таццяна адзначыла: прыняць дэлегацыю з Беларусі будзе для Асацыяцыі “Bellarus” вельмі пачэснаю справай. Паабяцала далучыць да агульнага праекта і актывістаў з розных этнасуполак Італіі. Дапамога беларускага пасольства ў Рыме і Ганаровага консула ў Неапалі таксама спатрэбіцца: каб знайсці найлепшыя пляцоўкі для выступленняў.
Кацярына Мядзведская
Голас Радзімы № 32 (3488), чацвер, 25 ЖНІЎНЯ, 2016 у PDF