І сябруюць, і вандруюць
Актывісты розных этнасуполак з Беларусі пабывалі з канцэртамі ва Украіне, Малдове і Прыднястроўі
Сустрэча з сябрамі ў Кішынёве
Каштоўны досвед таго, як прыгожа і гарманічна можна выбудоўваць міжнацыянальныя адносіны ў краіне, актывісты розных этнасуполак Беларусі ўжо пяты год пры падтрымцы Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пашыраюць і за межы краіны. Гэта, па сутнасці, дабрачынны экспарт запатрабаванага, а ў некаторых краінах і проста жыццёва неабходнага сацыяльнага прадукта пад брэндам “Зроблена ў Беларусі”. Так бы я назвала і гастрольны тур, які прайшоў па маршруце Мінск—Адэса—Кішынёў—Бендэры—Ціраспаль—Мінск. У ім пабывалі творчыя калектывы і выканаўцы, актывісты розных этнасуполак Беларусі. Вярнуўшыся, расказвалі пра ўражанні на сустрэчы ў Апараце Упаўнаважанага. Салістка танцавальнага калектыву “На-дзея” ўкраінскай суполкі “Обрій” Ліля Грышчанка расказала, што кожны канцэрт яна заканчвала словамі: “Мы такія розныя — украінцы, армяне, малдаване, яўрэі, татары, рускія... Аднак усе мы — жыхары адной краіны: Беларусі!” А намесніца дырэктара выдавецтва “Рыфтур” Марыя Чурсіна эмацыйна працягвала: “І на кожным з выступленняў артыстаў ад гэтых слоў Лілі я не стрымлівала слёз, хоць для мяне такія шматнацыянальныя канцэрты не ў навіну: другі раз удзельнічала ў праекце “народнай дыпламатыі” Апарата Упаўнаважанага.
Калектыў з Беларусі шчыра віталі ў Гагаузіі
Прадстаўнікі армянскай, украінскай, рускай, казахскай, татарскай, башкірскай, польскай, яўрэйскай этнасуполак з Беларусі (усяго 30 чалавек) пабывалі ў гасцях у беларусаў Адэсы, Кішынёва, Бендэраў, Ціраспаля. Там ладзіліся вялікія зборныя шматнацыянальныя канцэрты, і госці радавалі гаспадароў цудоўнымі спевамі ды танцамі. У складзе дэлегацыі былі і супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Якраз з гэтай “экспедыцыі”, па словах вучонага сакратара цэнтра Аляксандра Гурко, і пачнецца больш глыбокае вывучэнне беларусаў Украіны ды Малдовы. Ужо напісаны дысертацыі, выходзілі кнігі пра супляменнікаў Малдовы, Латвіі, Польшчы, Сібіры. Нямала матэрыялаў сабрана пра беларускія супольнасці ў Эстоніі, Літве, Калінінградзе. Ёсць інтарэс нават да супляменнікаў у Японіі. Навуковы супрацоўнік цэнтра Вадзім Шэйбак падзякаваў арганізатарам за цікавы праект, а таксама магчымасць у ім паўдзельнічаць і запэўніў: цэнтр адкрыты для супрацоўніцтва і гатовы яго прадаўжаць. Па выніках нядаўняй экспедыцыі рыхтуюцца артыкулы, аналітычныя матэрыялы.
Гасцей сустракаюць хлебам-соллю
Вандроўка-2016 — не першая такая. Начальнік аддзела па справах нацыянальнасцяў Апарата Упаўнаважанага Аляксандр Сасновіч нагадаў: праект “народнай дыпламатыі” рэалізуецца з 2012 года. Творчыя сустрэчы прадстаўнікоў этнасуполак Беларусі з супляменнікамі за мяжой прайшлі ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Аўстрыі, Славеніі, былі экскурсіі ў Фінляндыю. І ўражанні ад сёлетняга падарожжа — найлепшыя. Намеснік старшыні армянскай суполкі “Айастан” Алена Грыгаран прызналася, што была здзіўлена высокім узроўнем арганізацыі: “Усё было выверана нібы па таймеры. За ўвесь час — ніводнай накладкі (а я чалавек вельмі крытычны): праграма спланавана да дробязяў”. Старшыня аб’яднання ўкраінцаў “Ватра” Віктар Гуткоўскі адзначыў зладжаную працу беларускіх пасольстваў ва Украіне і Малдове. А намеснік старшыні суполкі “Татара-башкірская культурная спадчына “Чышма” Раміля Сітнікава казала пра гасціннасць і ветлівасць гаспадароў — беларусаў Адэсы, Малдовы і Прыднястроўя.
Мемарыял загінуўшым воінам у Кішынёве
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка падзякаваў удзельнікам праекта: “Справа заўсёды трымаецца на канкрэтных людзях. Нашы артысты — не прафесійныя выканаўцы: ва ўсіх праца, сем’і... Мы ўдзячныя, што яны знаходзяць час і магчымасць для ўдзелу ў такіх паездках. Бо кожная з іх працуе на станоўчы імідж нашай краіны”. Сапраўды, мэта праекта — паказаць Беларусь у свеце як шматнацыянальную, шматканфесійную і мультыкультурную краіну. Расказваў Леанід Паўлавіч і пра нядаўнюю сустрэчу з Папам Рымскім Францыскам у Ватыкане: той цікавіўся станам як міжканфесійных адносінаў у краіне, так і міжнацыянальных. І невыпадкова: на беларускай зямлі жывуць прадстаўнікі больш чым 140 нацыянальнасцяў. І не было ніколі канфліктаў на этнічнай ды рэлігійнай глебе.
Пад час сёлетняй паездкі ў Кішынёве была падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж Апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі ды адпаведнай структурай у Малдове —Бюро міжэтнічных адносін. Як казаў Аляксандр Сасновіч, малдаўскія калегі зацікавіліся “мабільным” досведам “народнай дыпламатыі” беларусаў і таксама хацелі б наладзіць такі праект. Калі ў іх пойдзе справа, то першай краінай для “гасцявання”, казалі, абяруць Беларусь. Напрыканцы сустрэчы ён падзяліўся планамі: у ліпені шматнацыянальная дэлегацыя з Беларусі прыме ўдзел у Фестывалі нацыянальных меншасцяў у польскім Беластоку, а ўвосень з дапамогаю беларусаў у замежжы вандроўнікі здзейсняць гастрольна-экскурсійны тур па Італіі.
Голас Радзімы № 23 (3479), ЧАЦВЕР, 23 чэрвеня, 2016 у PDF