Обычная версия

Шляхі злучаюць сэрцы

Шляхі злучаюць сэрцы

 

Беларусь шматнацыянальная, полікультурная, гасцінная... Такой прадставілі краіну артысты з розных этнасуполак Беларусі ў гастрольным туры па Польшчы


Хутка і зладжана займалі месцы пасажыры ў сяброўскім аўтобусе. Даўно ўжо ведаюць адно аднаго артысты Маладзечанскага квартэта “Краяны” ўкраінскай суполкі “Ватра”, танцавальных ансамбляў “Арыранг” Асацыяцыі беларускіх карэйцаў і армянскага “Эрэбуні”, спевакі з Бабруйскага аб’яднання армян “Масіс”. Бачу: сапраўды сябруюць дзяўчаты з ансамбля “Івянчанка”, што з Івянецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі, і салістка Мінскага аб’яднання ўкраінцаў “Обрій” Лілія Грышчанка. Не ўпершыню едуць разам на гастролі гэтыя самадзейныя артысты. З праектам “Беларусь шматнацыянальная”, што з 2012-га ладзіць апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, пабывалі ў Літве і Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі, Аўстрыі і Малдове, ва Украіне і ў Славеніі. Летась выступалі і ў польскіх Кракаве ды Бельску-Падляшскім. Сёлета ж наведалі Варшаву і невялікія “мясты” Беласточчыны: Семятычы і Стары Двор. 

 
 
Талентамі, прыгажосцю радавалі гледачоў дзяўчаты з ансамбля “Івянчанка” 
 
Па словах заснавальніка праекта, начальніка аддзела па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Сасновіча, аналагаў такіх інтэрнацыянальных турнэ няма ў свеце: “Пад час канцэртаў артысты прадстаўляюць культуру сваіх родных краін: армянскую, украінскую, татарскую, карэйскую... Аднак па праграме канцэртаў лейтматывам усё ж праходзіць беларуская тэма, што акрэслена і ў апошняй яе песні “Мы — беларусы”. У тым і ёсць сэнс: паказаць Беларусь як краіну шматнацыянальную, полікультурную. Дзе ўтульна адчуваюць сябе і армяне, і яўрэі, і рускія, і татары”. Яшчэ Аляксандр Львовіч заўважыў: аб’ёмнай і насычанай была сёлетняя праграма, а калі ўсе ўдзельнікі выходзілі на сцэну, то ледзь умяшчаліся. Дарэчы, упершыню далучыліся да дружнай кампаніі дзяўчаты з ансамбляў азербайджанскіх ды казахскіх танцаў “Саргалян” і “Салтанат”, а таксама салістка Міжнароднага аб’яднання “Татара-башкірская культурная спадчына “Чышма” з Бабруйска Фарыда Капітонава. 
 
Цяпло cяброўскіх сустрэч
 
Першы канцэрт праекта “Беларусь шматнацыянальная” прайшоў у тэатры “Капітоль” у Варшаве. І зала была поўная гледачоў. Польскія ўкраінцы, рускія, армяне, грузіны і, канешне ж, беларусы прыйшлі атрымаць асалоду ад родных сэрцу мелодый, патрапіць у атмасферу дружбы і згоды, што панавала сярод артыстаў з Беларусі. Былі на канцэрце і высокія госці — паслы Беларусі, Расіі, Арменіі, Філіпін, іншыя прадстаўнікі дыпкорпусу, Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве, сябры таварыства “Польшча-Усход”, студэнты і выкладчыкі кафедры славістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.   
 
Яшчэ да пачатку канцэрта многія з наведнікаў жыва цікавіліся беларускімі сувенірамі, сурвэткамі, строямі: разгарнуўся “мабільны” кірмаш-продаж беларускага прадпрыемства народных промыслаў “Скарбніца”. Многія куплялі значкі, закладкі з надпісамі “Мінск” і “Беларусь”, некаторыя — вышываныя карціны. Студэнт Варшаўскага ўніверсітэта Павел Богуш, беларус з Гродна, пытаў пра значэнні ўзораў на кашулі... 
 
 
Спявачка і танцорка, рэжысёр праекта “Беларусь шматнацыянальная” Анастасія Гайдук 
 
Са словамі падзякі падыходзілі да артыстаў і гледачы пасля канцэрта ў мястэчку Стары Двор, што непадалёк ад Нараўкі. Сям’я Гурбо, Дзмітры і Таццяна, прыехала туды з Мінска на адпачынак: недалёка і вельмі прыгожа. Пясчаны пляж, прагулкі на кацеры, сонца і чысцюткая вада ў возеры — гэтакая Юрмала ў мініяцюры. Дзмітры дзівіўся: сустрэўся з землякамі ў Польшчы, а то й не ведаў, што ёсць такія творчыя этнагурты. Па апладысментах і выкліках выступоўцаў “на біс” было зразумела: канцэрт падабаецца. Дый як застацца абыякавым, калі на сцэне столькі фарбаў этнакасцюмаў, захапляльных гукаў музыкі! Зразумела, гледачы разам з дзяўчатамі з “Івянчанкі” спявалі польскую “Гэй, саколы!” Аднак многія падхапілі й беларускую “Рэчаньку”: жывуць на памежжы, ведаюць і беларускія песні. Дарэчы, старшыня Рады Нараўкі Андрэй Недзведзь лічыць сябе этнічным беларусам: па веравызнанні — праваслаўны, у сям’і часам чуецца “тутэйшая” гаворка, а маці й жонка часта з задавальненнем гатуюць дранікі, мачанку, калдуны.
 
Разнастайныя нумары з праграмы “Беларусь шматнацыянальная” прыйшліся дарэчы й на Міжнародным фестывалі “Культура без межаў” у Семятычах. Аляксандр Сасновіч пасля выступлення казаў: “Беларуская праграма хораша ўпісалася ў сцэнарый свята. Людзям спадабалася. І гэта наш поспех: распешчаны разнастайнымі культурнымі падзеямі польскі глядач стоячы сустракаў беларускіх артыстаў”. 
 
Семятыцкі фестываль праходзіў пяты раз, і на ім беларуская культура была прадстаўлена разнастайна. Сёлета выступалі ансамбль “Спадчына” з Пружан, мужчынскі арт-гурт “Беларусы”, беларускія гурты з Беласточчыны — “Світанак”, “Аморфас“, іншыя. Мы сустрэліся ў Семятычах і са старшынёй Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Янам Сычэўскім. Ён казаў, што, па традыцыі, на працягу ўсяго лета беларускія святы праходзяць у многіх гарадах і вёсках Падляшша. Так, Купалле адзначалі ў Белай Вежы і Нараўцы, беларуская песня гучала ў Дубінах і Кляшчэлях, Саколцы і Чорнай-Вялікай. Намеснік старшыні БГКТ Базыль Сегень дадаў: 40-годдзе сёлета адзначылі “Цаглінкі” са Старога Ляўкова, а да 20-годдзя рыхтуюцца “Прымакі” з Гарадка. У жніўні ж у Беластоку запускаецца новы праект БГКТ: “Пявучыя сем’і”. 
 
 
Украінка Лілія Грышчанка
 
Мадэльеры ствараюць вобразы
 
Сярод удзельнікаў творчага дэсанту былі і мастачкі з навукова-вытворчага прадпрыемства народных промыслаў “Скарбніца” Алена Галіеўская ды Ірына Сініца. Яны ладзілі выставы беларускіх сувеніраў пад час выступленняў артыстаў, расказвалі цікаўным пра сімвалы, элементы традыцыйнага адзення. 
 
На канцэрце ў Варшаве мастачкі зрабілі сапраўдны падарунак гледачам: прадставілі 10 рэканструяваных нацыянальных строяў з розных рэгіёнаў Беларусі. Мадэлямі ж былі дзяўчаты з азербайджанскага, армянскага, польскага, карэйскага, украінскага этнакалектываў. Адна за другой выходзілі яны, як прафесійныя мадэлі, дэманстравалі строі з Чачэрскага, Рагачоўскага, Добрушскага, Кобрынскага, Маларыцкага раёнаў, Неглюбкі ды іншыя. З такімі ж прэзентацыямі супрацоўніцы “Скарбніцы” раней пабывалі ў Аўстрыі ды Славеніі, да таго ж — чыталі лекцыі па гісторыі касцюмаў. Гавораць, прывезеныя строі — толькі частка з рэканструяваных. Усяго ж адноўлена каля 40 святочных і побытавых касцюмаў: іх, дарэчы, можна пабачыць у музеі-галерэі “Скарбніцы” па адрасе: г. Мінск, вул. Кісялёва, 40. Там жа можна павучыцца плесці “павука” з саломкі, самому стварыць узор на памяць на кроснах.
 
Беларусамі Падляшша зацікавіліся навукоўцы 
 
Яшчэ напярэдадні паездкі ў Польшчу з апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі этнічным беларусам у Беластоку пайшлі апытальныя лісты па тэме “Беларуская дыяспара ў Польшчы”. У анкетаванні прынялі ўдзел 20 чалавек. Загадчыца Цэнтра Аляксандра Гурко ўпэўнена, што на падставе адказаў на такія пытанні, як “Якія стравы беларускай кухні Вы ведаеце і можаце прыгатаваць?”, “Якія абрады, звычаі, элементы традыцыйнай культуры захоўваюцца ў Вашай сям’і?” (усяго каля 20 пытанняў), можна пісаць аналітычныя артыкулы, зрабіць абагульненні. 
 
Анкеты ўжо вярнуліся ў Мінск, цяпер іх вывучаюць. Між тым Аляксандра Гурко лічыць, што пытанне самаіндэфікацыі людзей па нацыянальных прыкметах у Польшчы вельмі вострае і складанае: “Многае залежыць ад выхавання, сямейных каштоўнасцяў і традыцый, веравызнання”. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, на Беласточчыне жыве каля 40 тысяч беларусаў. Самі ж беларусы кажуць: іх больш за 200 тысяч. Адкуль такая розніца ў лічбах? Аляксандра Уладзіміраўна тлумачыць: “Па сутнасці, 40 тысяч — гэта тыя, хто адкрыта прызнаў сябе не палякам. Але вызначыць колькасць беларусаў у Польшчы можна і па-іншаму. Паляк там, як правіла, католік. Праваслаўныя ў Польшчы — гэта амаль заўсёды беларусы, рускія або ўкраінцы. Калі ўлічыць, што ў Польшчы цяпер прыкладна 400 тысяч праваслаўных, толькі па самых грубых падліках выходзіць, што беларусаў тут — не менш за 130 тысяч”.
 
Так узыходзяць зоркі
 
Мы наведалі Супрасльскі мужчынскі манастыр, і гэта была незабыўная для ўсіх падзея. Цудоўную экскурсію правялі для нас па Музеі ікон, што ў Палацы Архімандрытаў, на тэрыторыі манастыра. Ахвочыя зайшлі ў царкву Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, пакланіліся Супрасльскай Іконе Багародзіцы. Дарэчы, экскурсія ладзілася пры садзеянні Беларускага Экзархата. Па дарозе ж у Семятычы мы падымаліся на праваслаўную Святую гару Грабарку, ці Гару Крыжоў: туды штогод у жніўні накіроўваюцца паломнікі з Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны.
 
А яшчэ галоўны арганізатар праекта Аляксандр Сасновіч лічыць: і ў іх мабільным праекце запальваюцца зоркі. І хоць ён усіх удзельнікаў называе неверагодна таленавітымі, ды ўсё ж вылучае салістку армянскага ансамбля “Эрэбуні” Анастасію Гайдук: “Насця — сапраўдная артыстка, бліскуча выконвае армянскія танцы, а таксама спявае беларускія, малдаўскія, рускія песні. Яна здольная пераўвасабляцца, шматпланавая”. Удзельніца амаль усіх вандровак, Анастасія Гайдук з нядаўняга часу стала і рэжысёрам праекта “Беларусь шматнацыянальная”. 
 
Кацярына Мядзведская 

Фота аўтара