Обычная версия

Прывітальны адрас Х фестывалю “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”

Удзельнікам і гасцям
Х фестывалю “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”

Шаноўныя сябры!

Шчыра і сардэчна вітаю ўдзельнікаў, гасцей і гаспадароў Х юбілейнага фестывалю “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”.
У дзесяты раз збіраюцца на фэст сяброўства прадстаўнікі нацыянальных аб’яднанняў з трох памежных краін і ім не могуць перашкодзіць ні межы, ні рознасць моў, ні адметнасць нацыянальна-культурных традыцый.
Гродзенская зямля з традыцыйнай гасціннасцю прымае сваіх сяброў на Аўгустоўскім канале, які звязаў сабой не толькі краіны, але і сэрцы людскія, падкрэсліваючы лад і добрасуседскія адносіны, існуючыя паміж народамі Польшчы, Літвы і Беларусі.
Прайшоўшы выпрабаванне часам, фестываль стаў любімым месцам спаткання сяброў і знаёмых, аматараў беларускай, літоўскай і польскай культур. Яго паэтычнае слова і музыка напаўняюць жыццё святлом і чуласцю, яднаюць прыгожай сілай сапраўднага мастацтва.
Аўгустоўскі канал, адчыняючы свае водныя шлюзы, дэманструе шчырасць і давер Беларусі суседнім краінам, спрыяе ўмацаванню добрасуседскіх беларуска-польска-літоўскіх адносін.
Выказваю шчырую ўдзячнасць арганізатарам і гаспадарам свята - Гродзенскім аблвыканкаму і райвыканкаму, Грамадскаму аб’яднанню “Саюз палякаў на Беларусі” і ўсім тым, хто мае дачыненне да яго падрыхтоўкі і правядзення, за тую вялікую працу, што папярэднічала і суправаджае гэты фэст сяброўства і мастацтва.
Упэўнены, што фестываль будзе і надалей дарыць асалоду ўсім яго аматарам, зберагаць і поўніць культурныя здабыткі нашых народаў, спрыяць міжнацыянальнай і міжкультурнай згодзе, садзейнічаць пашырэнню і ўмацаванню добрасуседства і сяброўства.
Жадаю ўдзельнікам свята высокіх творчых дасягненняў, добрага настрою, шчасця, здароўя і дабрабыту!

З павагай,

Упаўнаважаны
па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка
2