НАРОДНАЯ ДЫПЛАМАТЫЯ ДА КАРЫНТЫІ ДАВЯДЗЕ
Творчыя калектывы і выканаўцы — прадстаўнікі розных дыяспар нашай краіны — з поспехам далі канцэрты ў паўднёвай правінцыі Аўстрыі Карынтыі і Славеніі, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі.
З 14 па 19 мая 2015 года па ініцыятыве апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскай Рэспубліцы і Рускага культурнага таварыства Саrіnthіа (г. Філах, Аўстрыя) адбыўся візіт беларускай дэлегацыі. У яе складзе — члены кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным — кіраўнікі і творчыя калектывы армянскага, азербайджанскага, грузінскага, карэйскага, яўрэйскага, польскага, татара-башкірскага, чувашскага, туркменскага, рускага і ўкраінскага нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў рэспублікі.
Аўстрыя — сёмая па ліку краіна, якую наведалі беларускія «народныя дыпламаты». Дагэтуль адпаведныя форумы суайчыннікаў нацыянальна-культурных аб’яднанняў нашай краіны і замежжа з поспехам прайшлі ў Польшчы, Літве, Украіне, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Па словах каардынатара праекта Аляксандра Сасновіча, мэта падобных паездак — паказаць Беларусь у свеце як шматнацыянальную, многаканфесійную і мультыкультурную дзяржаву. Той факт, што ў нас цяпер пражывае больш за 140 прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў — унікальны. Да таго ж трэба дадаць, што гісторыя і сучаснасць Беларусі не ведалі канфліктаў на этнічнай і рэлігійнай глебе.
«У нас замацаваны ўсе правы нацыянальных меншасцяў: на мову, культуру ды іншае. На думку незалежных міжнародных экспертаў, айчыннае заканадаўства ў гэтай галіне не супярэчыць міжнароднаму», — адзначыў Аляксандр Сасновіч на афіцыйнай сустрэчы ў магістраце аўстрыйскага горада Філах.
У складзе беларускай дэлегацыі — шырокі зрэз беларускага грамадства. Тут ёсць студэнты, пенсіянеры, выкладчыкі, прадпрымальнікі, медыцынскія работнікі і г.д. Фармат мерапрыемстваў складаўся з дзвюх частак. Па-першае, кіраўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў нашай краіны мелі магчымасць падзяліцца вопытам сваёй работы з замежнымі калегамі. Яны расказалі пра канструктыўную нацыянальную палітыку беларускай дзяржавы ў дачыненні да дыяспар, прывялі прыклады супрацоўніцтва суполак з органамі дзяржкіравання рэспублікі. Па-другое, беларускія нацыянальна-культурныя аб’яднанні непасрэдна прэзентавалі замежным суайчыннікам свае творчыя калектывы (прычым усе яны не з’яўляюцца прафесійнымі). Сіламі дыяспар былі прадстаўлены дзве канцэртныя праграмы, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа над фашызмам. Сёлета іх убачылі гледачы ў гарадах Філах (Аўстрыя) і Любляна (Славенія). Паўсюль беларускіх артыстаў прымалі бурнымі апладысментамі.
Чарговы форум прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі прайшоў пры садзейнічанні апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі і Рускага культурнага таварыства Саrіnthіа (Аўстрыя). Прадстаўнік апарату Упаўнаважанага Аляксандр Сасновіч перадаў таварыству нацыянальныя касцюмы і бібліятэчку беларускіх кніг.
На думку кіраўніка арганізацыі Элы Храшан, такія паездкі вельмі важныя і запамінаюцца нашым суайчыннікам за мяжой: «Праз гэтыя сустрэчы і канцэрты людзі больш даведваюцца пра Беларусь як пра шматнацыянальную краіну».
Трэба нагадаць, што Рускае культурнае таварыства Саrіnthіа было заснавана нашай суайчынніцай у 2008 годзе. Сёння ў ім актыўна працуюць каля шасцідзесяці чалавек, а на агульныя святкаванні збіраецца каля трохсот членаў арганізацыі. Усе яны — беларусы, рускія, украінцы, казахі, чачэнцы — ураджэнцы былога СССР.
Эла жыве ў Аўстрыі з 2002 года, мае трох сыноў і паспяхова працуе ў турбізнесе. Муж — аўстрыец. На пытанне «Навошта вам грамадская праца ў «Карынтыі»?» адказвае: «Я так выхавана, не магу аддзяліць сябе ад Беларусі, Расіі і Украіны. Трэба ведаць свае карані. Аўстрыйскую культуру я разумею, прымаю, паважаю, але ў мяне ёсць і свая, беларуская. Гэта нармальная з’ява, так павінна быць. І яшчэ для мяне вельмі важна, каб людзі жылі не паасобку, а разам. Гэта і ёсць асноўная мэта — аб’ядноўваць людзей, нягледзячы на палітычныя падзеі».
Паводле яе слоў, людзі, якія прыехалі ў Аўстрыю ў розныя часы і па розных прычынах, з радасцю сустрэлі навіну аб стварэнні нашай грамадскай арганізацыі. У іх з’явілася магчымасць размаўляць на роднай мове, далучаць дзяцей да культурнай спадчыны продкаў. У «Карынтыі» таксама дапамагаюць тым людзям, хто ўпершыню прыязджае ў Аўстрыю: па ўсіх пытаннях, з якімі сутыкаецца чалавек у чужой краіне.
«Мы не па чутках ведаем, як складана адаптавацца на новым месцы, без падтрымкі, сяброў, знаёмых ці бацькоў», — гаворыць Эла.
Намаганнямі гэтай маладой жанчыны і актывістак таварыства створана руская нядзельная школа для дзяцей у Філаху і Клагенфурце. Тут вучаць чытаць і пісаць па-руску, робяць пастаноўкі паводле народных казак. Да таго ж у Філаху створана група па навучанні дзяцей народным рамёствам, маляванню, мастацкай творчасці.
У найбліжэйшых планах кіраўніка арганізацыі — садзейнічаць таму, каб Філах стаў пабрацімам аднаго з беларускіх гарадоў. Дарэчы, ініцыятывы Элы Храшан заўсёды падтрымліваюць у Пасольстве Беларусі ў Вене. Паводле інфармацыі саветніка беларускага дыппрадстаўніцтва Яраслава Хмыля, у Аўстрыі пражывае каля 400 беларусаў — тых, хто стаў на консульскі ўлік. Па неафіцыйных звестках, іх каля 1,5-2 тысяч.
«Прыезд нашай дэлегацыі яшчэ раз дэманструе, наколькі Беларусь адкрытая свету. Гэта сапраўдная «народная дыпламатыя», — падкрэсліў Яраслаў Хмыль.
Наталля Кароткая
ГАЗЕТА "ЗВЯЗДА"
На фота (злева направа): старшыня Рускага культурнага таварыства Carinthia (г. Філах, Аўстрыя) Эла Храшан; саветнік Пасольства Беларусі ў Вене Яраслаў Хмыль; начальнік аддзела апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Сасновіч; прадстаўнік магістрата г. Філах (Аўстрыя) Андрэас Зухер.
Армянскі фальклорны ансамбль "Эрэбуні" Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага аб'яднання "Айастан"
Кіраўнікі нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў Беларусі на сустрэчы ў магістраце г. Філах.
Беларуская вышыванка — у падарунак.
Нацыянальныя беларускія касцюмы у падарунак Рускаму культурнаму таварыству Carinthia (г. Філах, Аўстрыя).
Цудоўная, як і ўсе ўдзельнікі творчай часткі беларускай дэлегацыі, НАСТАССЯ ГАЙДУК
Ансамбль «Краяны» Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў "Ватра"
Канцэрт, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, у г.Любляна (Славенія). Удзельнікі канцэпрта з мясцовага культурнага таварыства "Русло"
Удзельнікі канцэрта з Беларусі. Песні гучалі на казахскай, украінскай, татарскай, польскай, яўрэйскай мовах.