Намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Ламека У.Б. прыняў удзел у круглым стале, прымеркаваным да Міжнароднага дня роднай мовы, на тэму “Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы”.

Аб папулярызацыі беларускай мовы

ў этнаканфесіянальнай сферы

 

 

16 лютага 2012 г. намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Ламека У.Б. прыняў удзел у круглым стале, прымеркаваным да Міжнароднага дня роднай мовы, на тэму “Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы”. Мерапрыемства ладзілася вытворча-выдавецкім рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Дом прэсы” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Для ўдзелу ў ім былі таксама запрошаны прадстаўнікі міністэрстваў культуры, адукацыі, спорту і турызму, Інстытута мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы НАН Беларусі, сродкаў масавай інфармацыі.

У сваім выступленні У.Б.Ламека адзначыў, што апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей разам з нацыянальнымі супольнасцямі і традыцыйнымі канфесіямі Рэспублікі Беларусь вядзе актыўную работу па прапагандзе беларускай мовы і выкарыстанні яе ў дзелавой перапісцы.

На працягу 2004 – 2011 гадоў выдадзены тры выпускі кнігі-даведніка “Беларусь шматнацыянальная”: першае і другое  выданні – пры фінансавай падтрымцы Офіса АБСЕ ў Мінску, трэцяе, дапрацаванае і дапоўненае, пабачыла свет у 2011 годзе на беларускай, рускай і англійскай мовах за кошт сродкаў, выдаткаваных з рэспубліканскага бюджэту на падтрымку статутнай дзейнасці нацыянальных супольнасцей Рэспублікі Беларусь. Ва ўсіх выданнях змешчаны інфармацыйныя і фотаматэрыялы пра тыя народы, прадстаўнікі якіх заснавалі нацыянальна-культурныя аб’ядненні ў Рэспубліцы Беларусь. Асноўная ўвага ў гэтых матэрыялах надаецца гісторыі нацыянальных супольнасцей, сучаснаму стану традыцый, святаў, кухні розных нацыянальнасцей у Беларусі. Змешчана даведачная інфармацыя пра юрыдычныя адрасы і кіраўніцтва нацыянальных грамадскіх арганізацый.

Узаемадзеянню органаў дзяржаўнага кіравання з нацыянальнымі грамадскімі аб’яднаннямі і рэлігійнымі арганізацыямі ў сферы забеспячэння іх правоў на карыстанне дзяржаўнымі і роднымі мовамі прадстаўнікоў іншых этнасаў удзяляецца ўвага на  пасяджэннях калегіі апарату Упаўнаважанага.

Напрыклад, важнай падзеяй стала выязное пасяджэнне калегіі апарату Упаўнаважанага ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці           11 мая 2011 г. На гэтым насяджэнні разглядалася адно пытанне – узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання Гродзенскай вобласці з нацыянальнымі грамадскімі аб’яднаннямі ў сферы забеспячэння правоў нацыянальных супольнасцей на навучэнне на дзяржаўных і родных мовах, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.

Нямала станоўчых прыкладаў па прапагандзе беларускай мовы дэманструюць рэлігійныя арганізацыі. Напрыклад, у храмах Рымска-каталіцкага касцела на Беларусі набажэнствы вядуцца ў многіх храмах па-беларуску, а таксама пераважна на беларускай мове выходзяць яго сродкі масавай інфармацыі.

Беларускім Экзархатам прыкладаюцца намаганні для пашырэння беларускага слова ў праваслаўных храмах. Нягледзячы на тое, што набажэнства ў Беларускай Праваслаўнай Царкве адбываецца пераважна па-царкоўнаславянску, немалая ўвага надаецца і беларускай мове, у 1989 годзе была створана Біблейская Камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы з мэтаю перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Першай перакладзенай кнігай стала Святое Евангелле паводле Матфея (1991). Пасля гэтага ў рабоце камісіі адбыўся перапынак. А ў 1995 годзе Біблейская Камісія аднавіла сваю дзейнасць. Склад яе значна змяніўся, але трэба адзначыць, што ў такім складзе Камісія працуе і дагэтуль. Узначальвае Біблейскую Камісію Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Вынікам працы Біблейскай камісіі за гэтыя гады сталі пераклады на беларускую мову і выданні кніг:

·         Святое Евангелле паводле Матфея (1991 г.) 1-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;

·         Святое Евангелле паводле Марка (1999 г.) 2-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;

·         Святое Евангелле паводле Лукі (2002 г.) 3-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;

·         Святое Евангелле паводле Іаана (2005 г.) 4-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;

·         Багаслужэбнае “Свяшчэннае Евангелле” (2007 г.);

·         Дзеянні Святых Апосталаў (2010 г.);

·         Саборныя Пасланні Святых Апосталаў (2009 г. рыхтуецца да выдання);

·         Пасланне да Рымлян Апостала Паўла (2010 г. пакуль не выдадзена);

·         1-е Пасланне да Карынфян Апостала  Паўла (2011 г. пакуль не выдадзена);

Цяпер Камісія займаецца перакладам Пасланняў Апосталаў на беларускую мову.

Серыя кніг “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста” на беларускай мове выдаецца з паралельнымі грэчаскім, царкоўна-славянскім і рускім сінадальным тэкстамі. Камісія лічыць такую форму выдання важнай для больш паглыбленага вывучення Свяшчэннага Пісання.

Асноўныя прынцыпы, якімі кіруецца Камісія, гэта:

·         набліжанасць беларускага перакладу да грэчаскага арыгіналу;

·         распрацоўка і паслядоўнае ўжыванне беларускай багаслоўска-літургічнай лексікі і тэрміналогіі;

·         упарадкаванне беларускіх формаў біблейскіх імёнаў і геаграфічных назваў;

·         арыентацыя на існуючую беларускую і ўцэлым славянскую перакладчыцкую традыцыю.

Асаблівасць моўнай сітуацыі ў Беларусі заключаецца ў тым, што для большасці ўцаркаўлёных людзей цалкам прыймальнай і звыклай (хоць не заўсёды да канца зразумелай) з’яўляецца царкоўна-славянская мова богаслужэння. Для людзей, якія толькі цяпер прыходзяць да веры ц-с богаслужэнне з’яўляецца ў большасці неразумелым і патрабуе значных намаганняў для спасціжэння і разумення.

Таму ў межах Біблейскай Камісіі зроблены пераклады Літургіі, Усяночнага трывання, чыну хрышчэння, вянчання, паніхіды, асобных канонаў і малітваў, якія ўвайшлі ў “Малітваслоў”. Асобнымі перакладчыкамі зроблены пераклады Акафістаў беларускім святым.

·         Малітвы перад Споведдзю (1996 г.);

·         Бажэственная Літургія свц. Іаана Златавуста (выд. 1998 г.; рэд. 2007 г.);

·         Вялікая вячэрня (2001 г.);

·         Малітвы ранішнія (2002 г.);

·         Малітвы вячэрнія (2003 г.);

·         Паследаванне да Святога Прычашчэння (2004 г.);

·         Малітвы падзякі пасля Прычашчэння (2004 г.);

·         Паследаванне Заручын і Вянчання (2007 г.);

·         Паследаванне Хрышчэння і Мірапамазання (2008 г.);

·         Акафіст Віленскім мчч. Антонію, Іаану і Яўстафію (2009 г.);

·         Канон пакаянны да Госпада нашага Іісуса Хрыста (2011 г.);

·         Канон малебны да Прасвятой Багародзіцы (2011 г.).

Вынікам гэтых перакладаў стала выданне ў 2004 годзе “Праваслаўнага малітваслова”, а ў 2007 годзе двух аудыядыскаў “Бажэственная літургія” і “Пачуй, Божа, малітву маю!” з малітвамі і песнапеннямі праваслаўных богаслужэнняў на беларускай мове.

Богаслужэнні па-беларуску штотыдзень адбываюцца ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска. Гэта – Літургія, малебен, Акафіст Святым Віленскім мучанікам, а таксама хрышчэнні, вянчанні, паніхіды па замове вернікаў. Пасля беларускамоўных службаў святарамі прамаўляюцца пропаведзі таксама па-беларуску.

У межах Біблейскай камісіі і з удзелам спецыялістаў вядзецца распрацоўка багаслоўскай тэрміналогіі на беларускай мове. Падрыхтаваны кароткі царкоўнаславянска-беларускі перакладны і тлумачальны слоўнікі.

Выдавецства “Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора” з 1993 года выдае “Беларускі Праваслаўны Каляндар”, альманах “Праваслаўе”, кнігі па гісторыі БПЦ, выданні, прысвечаныя праваслаўным святыням, царкоўным дзеячам і асветнікам на беларускай мове. Хор брацтва выступае з песнапеннямі на беларускай мове на фестывалях і асветніцкіх мерапрыемствах. Па-беларуску вядзецца старонка Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў на сайце sppsobor.by.

На працягу некалькіх апошніх гадоў значную падтрымку ў выданні “Беларускага Праваслаўнага Календара” аказвае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на выданне кнігі “Дзеянні Святых Апосталаў” у 2010 годзе была выдзелена дзяржаўная 50%-я субсідыя, некалькі кніг Свяшчэннага Пісання на беларускай мове было выдадзена пры падтрымцы Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь. Шэраг юбілейных мерапрыемстваў па ўшанаванню памяці беларускіх асветнікаў праводзяцца сумесна з Мінгарвыканкамам, Міністэрствам інфармацыі і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Калі ж разважаць уцэлым пра стан мовы і перспектыву духоўнага жыцця беларускага народа як нацыі, то перакладчыцкая дзейнасць Біблейскай Камісіі, выдавецкая дзейнасць Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы,  праца Каталіцкага касцела на Беларусі і яго сродкаў масавай інфармацыі ў гэтым накірунку з’яўляюцца ўкладаннем ў будучыню і вопытам, які змогуць выкарыстаць і развіваць наступныя пакаленні, а таксама прыкладам для іншых рэлігійных арганізацый па выкарыстанню беларускай мовы ў богаслужэннях і па-за літургічнай сферай.