АБ ВЫНІКАХ РЭСПУБЛІКАНСКАГА КОНКУРСУ СЯРОД ЖУРНАЛІСТАЎ І СРОДКАЎ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ НА ЛЕПШАЕ АСВЯТЛЕННЕ ПЫТАННЯЎ МІЖНАЦЫЯНАЛЬНЫХ І МІЖКАНФЕСІЯНАЛЬНЫХ АДНОСІН, МІЖКУЛЬТУРНАГА ДЫЯЛОГУ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ І СУПРАЦОЎНІЦТВА З СУАЙЧЫННІКАМІ ЗА МЯЖОЙ У 2020 Г

Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь  штогод  праводзіцца Рэспубліканскі конкурс сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.

Конкурс праводзіцца ў мэтах павышэння эфектыўнасці інфармацыйнага забеспячэння дзяржаўнай палітыкі ў сферы міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, папулярызацыі шматвекавых традыцый мірнага і паважлівага суіснавання людзей розных нацыянальнасцей і канфесіянальнай прыналежнасці ў Беларусі, прапаганды каштоўнасці культурнай разнастайнасці і міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь.

У конкурсе прымаюць удзел прафесійныя журналісты, пазаштатныя аўтары, рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйныя агенцтвы.

Для разгляду у 2020 годзе былі атрыманы   матэрыялы ад 58 удзельнікаў.

Удзельнікі конкурсу па намінацыі "Друкаваныя СМІ і інфармацыйныя агенцтвы" прадстаўляюць апублікаваныя матэрыялы, а ўдзельнікі конкурсу па намінацыі "Тэлевізійныя і радыёвяшчальныя СМІ" – аўдыё-, відэазапісы праграм па вышэйазначанай тэматыцы.

Для падвядзення вынікаў конкурсу заснавальнікамі было створана журы.

Абвяшчэнне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне яго пераможцаў па кожнай намінацыі традыцыйна праводзілася  штогод ў маі-чэрвені, часцей за усё ў межах Міжнародных спецыялізаваных выстаў "СМІ ў Беларусі" ці  Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

У сувязі з мерамі, якія прымаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам аховы здароўя па супрацьдзеянні распаўсюджванню інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, а таксама з мэтай санітарнай бяспекі прынята рашэнне аб адмене XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур і запланаванай на 4 - 5 снежня 2020 года XXIV Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі". 

10 снежня 2020 года ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс- канферэнцыя на тэму: «Мова беларускіх класікаў і грамадства Web 4.0: узаемадзеянне і трансфармацыя, папулярызацыя ў СМІ».

Падчас мерапрыемства таксама  былі названы пераможцы Рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.