Обычная версия

Аб дзяржаўнай палітыцы Рэспублікі Беларусь у адносінах да суайчыннікаў за мяжой (выступленне Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей на V з\'ездзе беларусаў свету 18 ліпеня 2009 г., г. Мінск)

Аб дзяржаўнай палітыцы Рэспублікі Беларусь у адносінах да суайчыннікаў за мяжой


Паважаныя гаспадары і госці з`езда!
Шаноўныя суайчыннікі!


Дазвольце сардэчна вітаць вас - удзельникаў V з`езда Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Прыемна бачыць у гэтай зале мноства беларусаў замежжа, радасна, што сярод вас шмат асоб, якія актыўна далучаюцца да рэалізацыі праектаў узаемадзеяння беларускіх грамадскіх аб`яднанняў і аўтаномій з гістарычнай радзімай.
Вы сабраліся тут каб падвесці вынікі агульнай працы за чарговы справаздачны перыяд і весці размову аб развіцці ўзаемакарысных шляхоў супрацоўніцтва з Айчынай і паміж сабой. За кожным з Вас стаяць дзесяткі, сотні, а падчас тысячы нашых замежных суайчыннікаў, якія даручылі Вам прадстаўляць свае інтарэсы па прыездзе на этнічную радзіму. Ад станоўчага настрою і канструктыўнай актыўнасці кожнага з Вас залежаць будучыня і перспектывы агульнага развіцця беларускага замежжа і добрага імя Рэспублікі Беларусі ў свеце.

Паважаныя ўдзельнікі з`езда!



Дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у дачыненні да суайчыннікаў за мяжой грунтуецца на тым, што праца з суайчыннікамі з’яўляецца адным з яе прыярытэтных накірункаў. Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі нашай дзяржавы адносіць узаемадзеянне з беларускімі суайчыннікамі ў іншых краінах да ліку жыццёва важных інтарэсаў беларускай дзяржавы. Яшчэ ў 1993 годзе пры актыўным удзеле дзяржаўных структур быў праведзены І з\'езд беларусаў свету. Па выніках працы З\'езда Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь была прынята Дзяржаўная праграма “Беларусы ў свеце”. Рэалізацыя планавых мерапрыемстваў Праграмы спрыяла таму, каб за мяжой ведалі рэальнае становішча спраў у Рэспубліцы Беларусь, яе палітычныя пазіцыі, эканамічныя і навуковыя дасягненні і магчымасці шляхам актыўнай працы з дыяспарай. Да 1999 года Праграма сваю задачу па першапачатковай падтрымцы арганізацыйных структур суайчыннікаў ў асноўным выканала.
Чарговым крокам у наладжванні доўгатэрміновых адносін дзяржавы з дыяспарай стаў этап станаўлення і развіцця дзелавых узаемакарысных адносін супрацоўніцтва у розных сферах. Пераход да названай канцэпцыі заняў пэўны прамежак часу, падчас якога апрабавалася сістэма развіцця партнёрскіх адносін на ўзроўні асобных адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і канкрэтных структур дыяспары, вывучаўся міжнародны вопыт.
На сённяшні дзень праца з дыяспарай за мяжой рэалізуецца ў адпаведнасці з Праграмай развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, распрацаванай апаратам Упаўнаважанага і ўзгодненай Урадам Рэспублікі Беларусь, што прадугледжваецца міжурадавымі і міжведамаснымі дамовамі, даручэннямі Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пытаннямі развіцця сувязей з суайчыннікамі і аказання ім падтрымкі займаюцца апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, міністэрствы замежных спраў, культуры, адукацыі, інфармацыі, спорту і турызму, іншыя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Сярод такіх арганізацый – «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», «Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма», «Беларускае таварыствы дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі», «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», іншыя.
Аналіз зваротаў беларускіх арганізацый замежжа ў дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, адзначае тэндэнцыю росту іх цікавасці да супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь на ўмовах культурнага, гандлёва-эканамічнага і іншага ўзаемадзеяння. Ідучы насустрач пажаданням прадстаўнікоў новай (эканамічнай) хвалі беларускай дыяспары органы дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь ставяць перад сабой задачы выпрацаваць новыя метады работы з суайчыннікамі замежжа, сумясціць іх з важным аспектам руху знешнеэканамічных інтарэсаў Беларусі, выхадам тавараў беларускіх вытворцаў на замежныя рынкі, далучыць да ўдзелу ў гэтым працэсе замежных прадпрымальнікаў беларускага паходжання. З лідэрамі буйнейшых беларускіх арганізацый замежжа была абмеркавана прапанова аб развіцці адраснага супрацоўніцтва асобных адміністратыўна-тэрытарыяльных раёнаў Рэспублікі Беларусь з канкрэтнымі арганізацыямі беларускай дыяспары, якая была імі з задавальненнем успрынята.
Галоўная ідэя праекта ў тым, каб кожная суполка суайчыннікаў, і нават асобныя нашы суайчыннікі землякі, атрымалі магчымасць весці працу і падтрымліваць стасункі з канкрэтным партнёрам у Беларусі і не засталіся па-за ўвагай сваёй радзімы. У цяперашні час намі распачаты і рэалізуецца праект па наладжванню сувязей пэўных адміністратыўных рэгіёнаў Беларусі з беларускай дыяспарай. Усім аб’яднанням суайчыннікаў за мяжой былі накіраваны лісты з прапановамі аб наладжванні стасункаў. Значная частка арганізацый суайчыннікаў адгукнулася на справе падтрымаць гэтую ідэю і ўжо мае станоўчыя вынікі супрацоўніцтва. Упэўнены, што сёння ў гэтай зале ёсць тыя, хто можа падзяліцца вопытам такой працы. Амаль у кожным раёне рэспублікі ёсць арганізацыі і ўстановы, прыватныя асобы, якія падтрымліваюць кантакты з суайчыннікамі за мяжой.
Партнёры з Беларусі дапамагаюць арганізацыям у падпісцы на беларускія газеты і часопісы, атрыманні беларускай літаратуры, відэа- і аўдыяпрадукцыі, вырашэнні іншых практычных пытанняў, а суайчыннікі распаўсюджваюць інфармацыю аб Беларусі, яе рэгіёнах, іх эканамічных і культурных магчымасцях у мясцінах свайго пражывання, ўсё часцей узнікаюць сумесныя праекты ў сацыяльна-культурнай сферы і эканоміцы з удзелам мясцовых адміністратыўных органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі і краін існавання арганізацый суайчыннікаў. Створаныя Вамі аб’яднанні і згуртаванні становяцца мастамі, што звязваюць розныя краіны свету. Гэта супрацоўніцтва толькі пачало набіраць моц і мае значныя рэзервы і добрыя перспектывы для ўсіх яго удзельнікаў.
Некалькі слоў аб магчымасцях, якія нам трэба ажыццяўляць агульнымі намаганнямі. Шмат гарадоў рэспублікі маюць у замежжы гарады-пабрацімы. Кожная вобласць Беларусі мае грунтоўныя стасункі культурнага і дзелавога партнёрства з замежнымі краінамі, у тым ліку – з рэгіёнамі прысутнасці суайчыннікаў. Даныя кантакты маглі б падтрымлівацца пры ўдзеле беларускай дыяспары, што пражывае ў адпаведных рэгіёнах, і быць карыснымі для яе арганізацыйных структур і для Беларусі. Напрыклад, адна толькі Магілёўская вобласць падтрымлівае дзелавыя сувязі з 80 суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, а ў Расіі знаходзіцца большая частка нашых суайчыннікаў (згодна апошняга перапісу – 814.7 тысяч чалавек, насамрэч – значна больш). Мы бачым магчымасць правядзення за мяжой цэлага комплексу сумесных мерапрыемстваў, такіх як прэзентацыі рэгіёнаў і асобных прадпрыемстваў, дэманстрацыі іх культурных, грамадскіх, інвестыцыйных магчымасцей і эканамічнага патэнцыялу з удзелам нашых суайчыннікаў і ўпэўнены, што гэтая праца будзе эфектыўнай і выніковай. Паступова вопыт работы з беларускай дыяспарай набываюць усе мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання рэспублікі і ў гэтым накірунку мы актыўна працуем.
Аппаратам Упаўнаважанага рапрацаваны метадычныя рэкамендацыі мясцовым уладам па арганізацыі супрацоўніцтва з аб’яднаннямі суайчыннікаў на лепшых прыкладах такога вопыту, дзе прадугледжаны дакладныя формы і метады работы, вырыянты стасункаў, а таксама інфармацыя аб верагодных партнёрах. З мэтай прапаганды і падтрымкі лепшага вопыта гэтай працы аппаратам Упаўнаважанага праводзіцца конкурс на лепшыя вынікі ўзаемакарыснага супрацоўніцтва “Адміністратыўны раён Беларусі – арганізацыя суайчыннікаў за мяжой”. Па выніках 2007-2008 і 2008-2009 гг. лепшымі прызнаны і заахвочаны 36 удзельнікаў конкурса. Конкурс працягваецца, звесткі аб ім ёсць на сайце Упаўнаважанага.
З дапамогай Міністэрства замежных спраў і прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой намі ўдакладняюцца адрасы аб’яднанняў, вядзецца пошук новых тэм супрацоўніцтва і новых партнёраў, якія знойдуць паміж сабой агульныя інтэрэсы. Пры дапамозе Міністэрства замежных спраў апаратам Упаўнаважанага перадаваліся пасылкі з беларускай літаратурай і экспанатамі для беларускага нацыянальнага падвор`я ў Аранбурзе (Расія), Дома нацыянальнасцей у Арменіі, беларускіх школ у Літве, Польшчы і Латвіі. Беларускія нацыянальныя касцюмы, беларуская мастацкая літаратура, аўдыя- і відэязапісы, іншыя матэрыялы перададзены нашым беларускім суполкам у Расіі, Украіне, Малдове, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Казахстане, Татарстане, нават у ЗША і Аргенціне.
Працуем мы і над ўдасканаленнем інфармацыйнай і метадычнай падтрымкі аб`яднанняў. Самым хуткім, танным і даступным сродкам перадачы інфармацыі з’яўляецца інтэрнэт. Намі быў адноўлены спецыялізаваны інфармацыйны інтэрнэт-праект - “Вітае Беларусь” (сайт Беларусь21.ву). З сайта можна перайсці на большасць асноўных сайтаў Беларусі - пачынаючы з сайта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і да сайтаў асобных рэгіёнаў, газет і прадпрыемстваў і знайсці амаль любую інфармацыю аб Беларусі, яе асобных рэгіёнах, эканамічных, сацыяльна-культурных, турыскіх і іншых магчымасцях. Тут размяшчаецца інфармацыя аб нацыянальных меньшасцях і канфесіях у Рэспубліцы Беларусь і суайчынніках за мяжой, заканадаўстве рэспублікі у гэтых сферах, вопыт працы, фотаархіў, ленты навін Беларускага тэлеграфнага агенства (БелТА) і Міністэрства замежных спраў аб падзеях ў рэспубліцы і міжнародных стасунках Беларусі.
З мэтай далучэння суайчыннікаў да працэсаў сацыяльна-культурнага жыцця рэспублікі рэгулярна ажыццяўляюцца запрашэнні лідэраў і актывістаў дыяспары на найбольш значныя мерапрыемствы, што адбываюцца ў краін: святкаванне Дня Перамогі, Дня незалежнасці, забяспечваецца іх удзел у святочных мерапрыемствах і фестывалях, актывісты дыяспары запрашаюцца на выставы “СМІ ў Беларусі”, “Турбізнэс-Беларусь”, курсы кіраўнікой творчых калектываў, якія штогод праходзяць у Мінску пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Упаўнаважанага. Як вынік працы - ансамблі суайчыннікаў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Украіны, Расіі, іншых краін не толькі змаглі наладзіць кантакты з мастацкімі калектывамі на Беларусі, але сталі традыцыйнымі ўдзельнікамі мясцовых і рэспубліканскіх свят і фестывалей. Падводзячы ў мінулым годзе вынікі Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гародні, я выказаў прапанову арганізаваць агульны фестываль творчых калектываў беларускай дыяспары. Прапанова падтрымана Гродзенскім аблвыканкамам, зацікавіла іншыя рэгіёны Беларусі. Мы з задавальненнем абмяркуем таксама ўсе Вашы цікавыя прапановы. Упэўнены, што аб’яднаўшы намаганні Міністэрства культуры, абласцей, нашага апарату мы зможам гэта правесці. Я вельмі рады, што гэта тэма атрымала сваё развіццё і падтрымку ў выступленні Міністра культуры нашай краіны – Паўла Паўлавіча Латушкі.


Дарагія сябры!


Падтрымка дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў суайчыннікаў за мяжой, развіццё ўзаемакарысных сувязей з імі разглядаецца Прэзідэнтам і Урадам Рэспублікі Беларусь як важная ўмова рэалізацыі дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі і знешнепалітычнай стратэгіі. Я ведаю, што Вас хвалюе пытанне аб падрыхтоўцы Закона “Аб суайчынніках, што жывуць за мяжой”. Канцэпцыя праекта Закона распрацаванай у аппараце Упаўнаважанага. На выснове Канцэпцыі па даручэнню Урада Рэспублікі Беларусь Міністэрствам замежных спраў сумесна з апаратам Упаўнаважанага, іншымі зацікаўленымі быў распрацаваны праект Закона. Пасля разгляду ва Урадзе краіны, праект накіраваны Міністэрству замежных спраў на дапрацоўку. Мяркуем, што з улікам прапаноў дэлегатаў і гасцей з’езду праект Закона будзе дапрацаваны і канчатковы дакумент здыме шэраг праблемных пытанняў, якія хвалююць дыяспару, і дасць падставу нарматыўна рэгламентаваць узаемаадносіны Рэспублікі Беларусь з суайчыннікамі па асноўных напрамках дзейнасці.
Урадам Беларусі зацверджана Дзяржаўная міграцыйная праграма на 2006-2010 годы і на яе выснове Міністэрства ўнутраных спраў здзяйсняе працу па садзейнічанню вяртанню беларускіх суайчыннікаў на Радзіму, у тым ліку па спрашчэнню атрымання імі беларускага грамадзянства.
На ўзроўні міжнароднага міжгаліновага супрацоўніцтва падпісаны і дзейнічаюць дамовы супрацоўніцтва ў сферы нацыянальных адносін паміж апаратам Упаўнаважанага рэспубліканскімі органамі дзяржаунага кіравання Літвы, Малдовы, Украіны. У мінулым годзе ў Маскве быў падпісаны Пратакол аб супрацоўніцтве паміж апаратам Упаўнаважанага і Дэпартаментам міжнацыянальных адносін Міністэрства рэгіянальнага развіцця Расійскай Федэрацыі. На выснове даных пагадненняў штогод падпісваюцца канкрэтныя праграмы мерапрыемстваў аб падтрымцы прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей беларускага паходжання ў гэтых краінах і прадстаўнікоў паходжання краін падпісання ў Беларусі. Вядуцца перамовы аб заключэнні такіх пагадненняў з Латвіяй, Эстоніяй, Арменіяй, Казахстанам.
Каб паўней ўлічваць інтарэсы і аператыўна рэагаваць на прапановы саміх суайчыннікаў, цяпер намі завяршаецца работа па стварэнні пры Ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Кансультатыўнага савета кіраўнікоў грамадскіх арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Падрыхтаваны праект Палажэння аб гэтым Савеце, ёсць шэраг заявак ад аб’яднанняў у яго будучы склад. Рыхтуючыся да маючага адбыцца з’езду беларусаў свету, мы не сталі падпісвваць адпаведныя дакументы аб гэтым Савеце і яго складзе, каб мець магчывасць выслухаць Вашы прапановы і мы будзем удзячны Вам за ўдзел у гэтым праекце.


Дарагія суайчыннікі!
Паважаныя сябры!


Я глыбока ўпэўнены, што гэты з`езд стане новым крокам на шляху яднання беларускай нацыі вакол гістарычнай радзімы і дасць новы штуршок развіццю нашага станоўчага супрацоўніцтва. Шчыра дзякую вам за ўвагу і за запрашэнне прыняць удзел у рабоце з’езда!