Обычная версия

ПАЛАЖЭННЕ АБ РЭСПУБЛІКАНСКІМ КОНКУРСЕ СЯРОД ЖУРНАЛІСТАЎ І СРОДКАЎ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Зарегистрировано в Национальном реестре правовых актов 
Республики Беларусь 17.12.2009 № 8/21712


УПАЎНАВАЖАНЫ ПА СПРАВАХ РЭЛІГІЙ І НАЦЫЯНАЛЬНАСЦЕЙ
МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

ПАСТАНОВА  18.11.2009 г. № 5.2/19 

 г. Мінск

 

Аб зацвярджэнні Палажэння аб рэспубліканскім конкурсе сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой

У адпаведнасці з абзацам шостым пункта пяць Палажэння аб Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей і яго апараце, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад     15 ліпеня 2006 г. № 891, і абзацам дваццатым пункта чатыры Палажэння аб Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 кастрычніка 2001 г. № 1545, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЮЦЬ:

1. Зацвердзіць Палажэнне аб рэспубліканскім конкурсе сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.

2. Палажэнне давесці да рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

 

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей

Л.П.Гуляка

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь

У.В.Русакевіч

 

ЗАЦВЕРДЖАНА 

Пастанова Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь 18.11.2009 г. №5.2/19

 

ПАЛАЖЭННЕ аб рэспубліканскім конкурсе сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой

1. Рэспубліканскі конкурс сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой (далей – конкурс) праводзіцца ў мэтах павышэння эфектыўнасці інфармацыйнага забеспячэння дзяржаўнай палітыкі ў сферы міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, папулярызацыі шматвекавых традыцый мірнага і паважлівага суіснавання людзей розных нацыянальнасцей і канфесіянальнай прыналежнасці ў Беларусі, прапаганды каштоўнасці культурнай разнастайнасці і міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь.

2. Заснавальнікамі конкурсу з'яўляюцца Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей (далей – Упаўнаважаны) і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства інфармацыі).

3. У конкурсе прымаюць удзел прафесійныя журналісты, пазаштатныя аўтары, рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі (далей – рэдакцыі СМІ), інфармацыйныя агенцтвы.

4. Конкурс праводзіцца штогод.

5. Для разгляду на конкурс прымаюцца матэрыялы, якія выйшлі ў сродках масавай інфармацыі (далей – СМІ) за перыяд з 1 мая папярэдняга па 20 красавіка наступнага года.

6. Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: "Друкаваныя СМІ і інфармацыйныя агенцтвы", "Тэлевізійныя і радыёвяшчальныя СМІ".

7. Удзельнікі конкурсу па намінацыі "Друкаваныя СМІ і інфармацыйныя агенцтвы" прадстаўляюць апублікаваныя матэрыялы, а ўдзельнікі конкурсу па намінацыі "Тэлевізійныя і радыёвяшчальныя СМІ" – аўдыё-, відэазапісы праграм па вышэйазначанай тэматыцы.

8. Конкурсныя матэрыялы прадстаўляюцца ў апарат Упаўнаважанага па адрасу: 220029 г. Мінск, вул. Камуністычная, 11, кантактны тэлефон/факс 284-63-44. Апошні тэрмін прадстаўлення матэрыялаў на разгляд журы за раглядаемы перыяд конкурсу – не пазней 20 красавіка (згодна з паштовым штэмпелем). Матэрыялы падаюцца на конкурс з суправаджальным лістом, у якім адлюстраваны даныя аб аўтары (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, год нараджэння, месца работы, пасада, адрас і тэлефонны кантактны нумар) або аб рэдакцыі СМІ (дакладная назва юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі, адрас, тэлефонны кантактны нумар). Матэрыялы павінны быць акуратна апрацаванымі, мець даныя выхаду. Выдаткі на падрыхтоўку і прадстаўленне конкурсных матэрыялаў забяспечваюцца ўдзельнікамі конкурсу за свой кошт.

9. Для падвядзення вынікаў конкурсу заснавальнікамі ствараецца журы, персанальны склад якога зацвярджаецца загадам Упаўнаважанага.

10. Пераможцам конкурсу па кожнай намінацыі Міністэрствам інфармацыі ўстанаўліваюцца наступныя ўзнагароды: Дыплом Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь І ступені і першая прэмія ў памеры 20 базавых велічынь; Дыплом Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ІІ ступені і другая прэмія ў памеры 14 базавых велічынь; Дыплом Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ІІІ ступені і трэцяя прэмія ў памеры 8 базавых велічынь. Выплата першай, другой і трэцяй прэмій пераможцам конкурсу ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству інфармацыі на правядзенне мерапрыемстваў у галіне масавай інфармацыі.

11. Упаўнаважаным засноўваюцца спецыяльныя прызы за высокамастацкае і сістэмнае асвятленне конкурснай тэматыкі. Разам са спецыяльным прызам пераможцу ўручаецца Дыплом Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Колькасць спецыяльных прызоў вызначае журы конкурсу, зыходзячы з колькасці, актуальнасці і зместу конкурсных работ. Спецыяльныя прызы конкурсу набываюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Упаўнаважанаму на рэалізацыю спецыяльных сацыяльных праграм і мерапрыемстваў. Найбольш актыўныя ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджваюцца пахвальнымі граматамі Упаўнаважанага.

12. Дадатковыя спецыяльныя прызы за асобныя матэрыялы могуць засноўвацца іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, а таксама фізічнымі асобамі, якія пажадаюць далучыцца да арганізатараў конкурсу.

13. Абвяшчэнне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне яго пераможцаў па кожнай намінацыі праводзіцца ў маі-чэрвені.

14. Інфармацыя аб пачатку правядзення конкурсу, яго выніках, месцы і даце ўзнагароджання пераможцаў змяшчаецца на сайтах апарату Упаўнаважанага (http://Belarus21.by) і Міністэрства інфармацыі (http://mininform.gov.by) дадаткова.

15. Пасля падвядзення вынікаў матэрыялы конкурсу застаюцца ў архіве апарату Упаўнаважанага і могуць выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.