Аб беларусах замежжа
ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
16 чэрвеня 2014 г. № 162-З
Аб беларусах замежжа
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 14 мая 2014 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 30 мая 2014 года
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні
Для мэт гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:
беларусы замежжа – асобы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы або з’яўляюцца выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь;
грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа – добраахвотныя аб’яднанні беларусаў замежжа, створаныя імі ва ўстаноўленым заканадаўствам замежнай дзяржавы парадку ў мэтах сумеснай рэалізацыі сваіх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа – грамадскія аб’яднанні, створаныя ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку ў мэтах садзейнічання беларусам замежжа ў рэалізацыі іх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа (далей – дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа) – комплекс мер, накіраваных на падтрымку беларусаў замежжа, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь у мэтах садзейнічання беларусам замежжа ў рэалізацыі іх нацыянальных, культурных і іншых правоў.
Артыкул 2. Сфера дзеяння гэтага Закона
Гэты Закон вызначае асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязей з Рэспублікай Беларусь, а таксама катэгорыі асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, і меры дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.
Артыкул 3. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.
Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.
Артыкул 4. Асобы, якія адносяцца да беларусаў замежжа
Да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы:
грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь;
замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходзячай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь;
замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў.
Прызнанне асобамі сваёй прыналежнасці да беларусаў замежжа ў адпаведнасці з абзацамі трэцім і чацвёртым часткі першай гэтага артыкула з’яўляецца актам іх самаідэнтыфікацыі, падмацаваным грамадскай або прафесійнай дзейнасцю па захаванні беларускай мовы, развіцці беларускай культуры за мяжой, умацаванні сяброўскіх адносін дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці або пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа з Рэспублікай Беларусь і іншымі пацвярджэннямі добраахвотнага выбару на карысць духоўнай і культурнай сувязей з беларускай дзяржавай.
Артыкул 5. Грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа і грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа
Грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа і грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа могуць:
аказваць садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
уносіць у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь прапановы па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
папулярызаваць беларускія культурныя каштоўнасці, беларускую мову, а таксама беларускія традыцыі і звычаі;
ажыццяўляць іншую дзейнасць у галіне адносін з беларусамі замежжа, не забароненую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 2
ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ І КІРАВАННЕ Ў ГАЛІНЕ АДНОСІН З БЕЛАРУСАМІ ЗАМЕЖЖА
Артыкул 6. Ажыццяўленне дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне адносін з беларусамі замежжа ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 7. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае агульную дзяржаўную палітыку ў галіне адносін з беларусамі замежжа, ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 8. Паўнамоцтвы Урада Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Урад Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа:
забяспечвае рэалізацыю агульнай дзяржаўнай палітыкі;
зацвярджае дзяржаўныя праграмы і ажыццяўляе кантроль за іх рэалізацыяй;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 9. Паўнамоцтвы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа:
каардынуе дзейнасць рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, грамадскіх аб’яднанняў па сувязях з беларусамі замежжа і іншых арганізацый па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
каардынуе распрацоўку і прымае ўдзел у межах сваёй кампетэнцыі ў рэалізацыі дзяржаўных праграм;
ажыццяўляе штогадовы маніторынг адносін з грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
аказвае садзейнічанне дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь, грамадскім аб’яднанням па сувязях з беларусамі замежжа, іншым арганізацыям і грамадзянам Рэспублікі Беларусь у развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа;
узаемадзейнічае і развівае кантакты з беларусамі замежжа, ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі меры па забеспячэнні іх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
уносіць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 10. Паўнамоцтвы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа:
прымае ўдзел у межах сваёй кампетэнцыі ў распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўных праграм;
усталёўвае і развівае супрацоўніцтва па пытаннях культуры з беларусамі замежжа і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа, аказвае садзейнічанне ў гэтым грамадскім аб’яднанням па сувязях з беларусамі замежжа і іншым зацікаўленым;
аказвае беларусам замежжа практычную дапамогу ў захаванні і развіцці нацыянальна-культурнай самабытнасці;
садзейнічае папулярызацыі беларускай культуры і традыцый сярод беларусаў замежжа;
уносіць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 11. Паўнамоцтвы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей у галіне адносін з беларусамі замежжа
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей у галіне адносін з беларусамі замежжа:
прымае ўдзел у межах сваёй кампетэнцыі ў распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўных праграм;
арганізуе садзейнічанне і дапамогу ў задавальненні нацыянальна-культурных патрэб беларусаў замежжа і грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый) беларусаў замежжа ва ўмацаванні іх сувязей з Рэспублікай Беларусь;
садзейнічае інфармацыйнаму забеспячэнню беларусаў замежжа;
уносіць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 12. Паўнамоцтвы абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў у галіне адносін з беларусамі замежжа
Абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ў галіне адносін з беларусамі замежжа:
прымаюць удзел у межах сваёй кампетэнцыі ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа на рэгіянальным узроўні;
садзейнічаюць усталяванню і развіццю супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, у тым ліку праз грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа, на рэгіянальным узроўні;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 13. Паўнамоцтвы іншых дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа
Іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа ў межах сваёй кампетэнцыі:
прымаюць удзел у распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўных праграм;
распрацоўваюць і забяспечваюць рэалізацыю галіновых, мясцовых і іншых праграм і мерапрыемстваў;
узаемадзейнічаюць з беларусамі замежжа, ажыццяўляюць меры па забеспячэнні іх нацыянальных, культурных і іншых правоў;
аказваюць садзейнічанне грамадскім аб’яднанням па сувязях з беларусамі замежжа і іншым зацікаўленым юрыдычным і фізічным асобам у развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа;
уносяць ва Урад Рэспублікі Беларусь прапановы па развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 14. Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь
У мэтах вызначэння максімальна эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ствараецца Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь (далей – Кансультатыўны савет).
Асноўнымі задачамі Кансультатыўнага савета з’яўляюцца:
падрыхтоўка прапаноў па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
садзейнічанне стварэнню эфектыўных механізмаў супрацоўніцтва дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа ў культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай і іншых сферах.
Палажэнне аб Кансультатыўным савеце і персанальны склад гэтага савета зацвярджаюцца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Рашэнні Кансультатыўнага савета, прынятыя ў адпаведнасці з яго асноўнымі задачамі, носяць рэкамендацыйны характар.
Артыкул 15. Кансультатыўныя органы па справах беларусаў замежжа пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскім гарадскім выканаўчых камітэтах
Для абмеркавання пытанняў узаемадзеяння з беларусамі замежжа пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскім гарадскім выканаўчых камітэтах могуць стварацца кансультатыўныя органы – саветы (камісіі) па справах беларусаў замежжа.
Палажэнні аб саветах (камісіях) па справах беларусаў замежжа і персанальныя склады гэтых саветаў (камісій) зацвярджаюцца дзяржаўнымі органамі, пры якіх гэтыя саветы (камісіі) ствараюцца.
ГЛАВА 3
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў ГАЛІНЕ АДНОСІН
З БЕЛАРУСАМІ ЗАМЕЖЖА
Артыкул 16. Прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа засноўваецца на:
агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права;
прызнанні прыналежнасці кожнаму ад нараджэння неад’емных асноўных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна;
падтрыманні адносін з беларусамі замежжа на аснове ўзаемнай павагі і партнёрства;
прызнанні неабходнасці забеспячэння нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а таксама з улікам заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці і пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа;
абавязковасці ўліку дзеянняў замежных дзяржаў у дачыненні да беларусаў замежжа, якія пражываюць на іх тэрыторыі, пры выпрацоўцы і рэалізацыі палітыкі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да гэтых дзяржаў;
аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў рэалізацыі нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа і грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый) беларусаў замежжа, якія імкнуцца да развіцця і ўмацавання сяброўскіх адносін паміж замежнымі дзяржавамі і Рэспублікай Беларусь і чыя дзейнасць адпавядае нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 17. Мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа накіравана на:
садзейнічанне захаванню нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа;
аказанне садзейнічання беларусам замежжа ў рэалізацыі імі нацыянальных, культурных і іншых правоў з улікам агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права, заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці і пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа;
выпрацоўку дзейсных механізмаў падтрымкі беларусаў замежжа для задавальнення культурных, інфармацыйных, моўных і іншых патрэб беларусаў замежжа;
умацаванне сувязей паміж беларусамі замежжа і Рэспублікай Беларусь;
выкарыстанне патэнцыялу беларусаў замежжа для развіцця беларускай дзяржавы, у тым ліку для наладжвання рознабаковага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі;
садзейнічанне стварэнню ў Рэспубліцы Беларусь грамадскіх аб’яднанняў па сувязях з беларусамі замежжа;
стварэнне спрыяльных умоў для беларусаў замежжа, якія прынялі рашэнне пераехаць у Рэспубліку Беларусь на часовае ці пастаяннае месца жыхарства.
Артыкул 18. Падтрымка беларусаў замежжа
Ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа павінна садзейнічаць:
стварэнню ўмоў для вывучэння беларусамі замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры;
адкрыццю і дзейнасці культурных цэнтраў Рэспублікі Беларусь у краінах пражывання беларусаў замежжа;
дзейнасці існуючых і стварэнню новых арганізацый культуры, навуковых арганізацый, а таксама арганізацый, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць для беларусаў замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, у тым ліку забеспячэнню іх вучэбнымі праграмамі, падручнікамі, вучэбнымі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі для выкладання беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры за межамі Рэспублікі Беларусь;
культурнаму і адукацыйнаму абмену паміж Рэспублікай Беларусь і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
выданню работ замежных і айчынных аўтараў па гісторыі і культуры Беларусі і беларусаў замежжа;
правядзенню культурных і навуковых мерапрыемстваў беларусаў замежжа як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў краінах пражывання беларусаў замежжа;
рэалізацыі права на адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
атрыманню, распаўсюджванню інфармацыі і карыстанню ёй на беларускай мове, доступу да сродкаў масавай інфармацыі, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь;
аказанню ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь гуманітарнай дапамогі беларусам замежжа, якія апынуліся ў надзвычайных сітуацыях;
рэалізацыі іншых мер у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 19. Фінансаванне дзейнасці ў галіне адносін з беларусамі замежжа
Фінансаванне дзейнасці ў галіне адносін з беларусамі замежжа ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынятымі дзяржаўнымі праграмамі і мерапрыемствамі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц фінансавання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 4
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 20. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:
сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенні заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;
прыняць меры па прывядзенні іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам і іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.
Артыкул 21. Парадак уступлення ў сілу гэтага Закона
Гэты Закон уступае ў сілу ў наступным парадку:
артыкулы 1–19 – праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона;
іншыя палажэнні – пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.
Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь |
А.Лукашэнка |