На главную Написать письмо Карта сайта
Главная --  Национальности  --  Национально-культурные объединения  --  Союз поляков на Беларуси

Саюз палякаў на Беларусі заклікае групу А.Борыс да дыялога і аб'яднання 

 Кіраўніцтва Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) заклікае нелегітымнае крыло СПБ - групу дзеячаў, якiя аб'ядналiся вакол Анжэлікі Борыс, да адкрытага дыялога ў імя канструктыўнага аб'яднання польскай меншасці ў Беларусі. Аб гэтым заявілі журналістам удзельнікі прэс-канферэнцыі СПБ, якая прайшла ў Мінску 05.02.2010.
 "Мы сёння робім усё для таго, каб пытанне аб польскай меншасці ў Беларусі перастала быць каменем спатыкнення ў міжнародных адносінах, - адзначыла намеснік старшыні саюза Алена Богдан. - Раскол польскага руху можа быць выгадны толькі палітыкам. А мы выступаем за яднанне".
Кіраўнік мінскага абласнога аддзела СПБ Мечыслаў Лысы падкрэсліў: "Нам вельмі важна дабіцца разумення з боку польскіх улад. Без падтрымкі Польшчы мы не зможам вырашыць многія з задач, якія стаяць перад аб'яднаннем".
У сваю чаргу начальнік юрыдычнага аддзела Эдуард Калоша паведаміў, што кіраўніцтва саюза неаднаразова запрашала Анжэліку Борыс і яе саратнікаў на сход і сустрэчы, аднак "гэтыя прапановы так і засталіся без адказу".
СПБ са шкадаваннем адзначае той факт, што польскія дыпламаты, акрэдытаваныя ў Беларусі, ігнаруюць дзейнасць саюза (у прыватнасці, польскія дыпламаты дэманстратыўна не прыходзяць нават на культурныя мерапрыемствы, якія арганізуюцца гэтым нацыянальным аб'яднаннем).
Акрамя таго, адзначаюцца факты яўнай дыскрымінацыі членаў СПБ пры атрыманні польскіх віз і выдачы так званай карткі паляка.
"У цэлым сама ідэя карткі паляка як дакумента, які дае нам права быць часткай сваёй гістарычнай айчыны, апраўдана. Аднак, на жаль, цяпер картка паляка фактычна служыць інструментам раз'яднання і сварак", - лічыць Алена Богдан. Актывісты СПБ адзначаюць несправядлівасць, якая часта праяўляецца пры працэдуры вызначэння права таго ці іншага беларускага грамадзяніна на атрыманне гэтага дакумента.
На думку Эдуарда Калошы, складаны стан рэчаў у адносінах унутры польскай меншасці Беларусі з'яўляецца вынікам геапалітычных рэалій. "Па Беларусі праходзіць своеасаблівы цывілізацыйны водападзел паміж Захадам і Усходам, - адзначыў ён. - Уся праблема ў тым, што ў нас, палякаў Беларусі, айчына і радзіма - гэта розныя паняцці. Мая радзіма тут у Беларусі, а айчына - гэта Польшча. І мне сёння крыўдна, што я павінен даказваць польскаму ўраду, што я кроўны паляк, сын паляка".
Актывісты саюза паведамілі, што СПБ мае намер узгадніць свой план мерапрыемстваў на бягучы год з пасольствам Польшчы. "Ці захоча пасольства разгледзець гэты план або не захоча - гэта і будзе фактычным адказам на пытанне, ці хочуць яны рэальна працаваць разам з намі", - сказаў старшыня мінскага гарадскога аддзела СПБ Часлаў Муліца.
Зноў вяртаючыся да тэмы перспектыў дыялога ўнутры польскай меншасці ў Беларусі і магчымасці аб'яднання СПБ з актывістамі групы Анжэлікі Борыс, Эдуард Калоша падкрэсліў: "Аб'яднанне павінна пачацца знізу. Патрэбна адкрытая дыскусія".-

БЕЛТА © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1996-2005

На главную
Регионы
Министерства
Телевидение
Радио
Информационные агентства
Газеты
Базы данных
Государственная символика Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь ООН в Беларуси БелТА
Министерство информации